Семінар-практыкум “Інструменты кантрольна-ацэначнай дзейнасці”

16.12.2021

У рамках падрыхтоўкі да пасяджэння педагагічнага савета ва ўстанове адукацыі 16 снежня быў праведзены семінар-практыкум “Інструменты кантрольна-ацэначнай дзейнасці”. На семінары гаварылі пра кантроль і яго функцыі; шляхі рэалізацыі той або іншай функцыі; відах кантролю і атэстацыі і іх асноўных прыкметах. Настаўнікі апынуліся на пару хвілін у ролі вучняў. У заданні “Атэстацыя і кантроль” ім неабходна было з “воблака слоў” вылучыць іх віды, затым у тэставым заданні трэба было спалучыць віды атэстацыі і кантролю з асноўнымі іх прыкметамі і ўласцівасцямі.

Пры аналізе педагагічнай сітуацыі настаўнікі вызначалі супярэчнасці, якія прыводзяць да праблем, а затым шукалі шляхі выхаду, якія б дапамаглі не дапусціць узнікнення аналагічных сітуацый у рэальнай педагагічнай дзейнасці.

Закончыўся семінар-практыкум “адкрытым мікрафонам” і рэфлексіяй. Падчас “адкрытага мікрафона” кожны педагог мог выказацца аб рэалізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на практыцы.